Navoshta i jak mozhna pisacj
pa-bielarusku lacinskaj abecedaj?
pa-bielarusku lacinskaj abecedaj?
Ну добра, напішам крыху кірылічнай азбукай, каб было лягчэй пачаць.
Вельмі хочацца верыць, што эўрапейская краіна Беларусь цалкам адрадзіць сваю эўрапейскую беларускую мову, і менавіта таму яна мае патрэбу адбудавання сваёй сапраўднай эўрапейскай ідэнтычнасці праз вяртанне да лацінскай абэцэды. На тое ёсць шэраг паважных прычын.
Першыя артэфакты беларускай зямлі з лацінскімі надпісамі і рымскімі лічбамі дайшлі да нас у скарбах рэчных гандлёвых шляхаў яшчэ з антычных часоў. Напрыклад знойдзена целая масса рымскіх манетаў, якія датуюцца першым стагоддзем, а гэта азначае дакладныя кантакты продкаў беларусаў з лацінскім альфабэтам на цэлых 800 год раней, чым была вынайдзена кірыліца ў Булгарыі.
Насуперак папулярнаму міфу, першая кніга Беларусі — гэта дакладна не "руська" Біблія Францыска Скарыны 1517 года выдання. Да вынаходніцтва кнігадруку, кнігі стваралі і перапісвалі ўручную. Такімі лацінскімі кнігамі хутчэй за ўсё карыстаўся і першахрысціцель Полацкага Княства святы Торвальд, якога запрасілі Рагнеда з Ізяславам y 986 годзе. Менавіта таму наша першая захаваўшаяся кніга — гэта насамрэч псалтыр Codex Gertrudianus, напісаны па-лацінску каля 1044 года княжной Гертрудай, якая тады жыла ў Тураве на Палессі, яшчэ да падзелу хрысціянства на каталіцтва і праваслаўе.
Праўда ў тым, што ні лацініца ні кірыліца не былі створанымі спецыяльна для беларускай мовы. Варта вызнаць, што кірыліца і сапраўды была адной з папулярных формаў пісьменства ў Полацкім Княстве побач са скандынаўскімі рунамі, лацінскімі і грэчаскімі літарамі, але паслядоўнае аб'яднанне Полацкай Русі з Літвой і Польшчай дапамагло павярнуць дамінаванне менавіта лацінскай абэцэды. Лацінскія літары надалі пісьмовую форму адразу некалькім мовам, папулярным тады на тэрыторыі Беларусі: лацінскай, польскай і літоўскай. Была лацінізавана і так званая «старабеларуская», а дакладней русінская мова — варыянт царкоўна-славянскага пісьма з мясцовымі асаблівасцямі. Пры гэтым ёсць доказы таго, што размоўная беларуская мова 1500-х гадоў была нашмат бліжэйшай да сучаснай беларускай мовы, чым да канцэлярскай русінскай. А статуты Вялікага Княства Літоўскага былі зацверджаны вялікім князям і таму набывалі юрыдычную моц насамрэч не кірыліцай на русінскай мове, а перадусім на лацінскай мове ў багатым выданні з каляровымі ілюстрацыямі. Знакамітая паэма Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра" 1523 года была напісана і выдадзена цалкам на лацінскай мове. Ды як русінская мова магла быць галоўнай дзяржаўнай ў ВКЛ, калі пакуль не знойдзена ніводнай манэты ВКЛ з надпісам кірыліцай?
Першая кніга, надрукаваная на тэрыторыі сучаснай Беларусі — гэта зноў не кірылічная прадукцыя Скарыны, а насамрэч Брэсцкі Катэхізіс, выдадзены лацінскім альфабэтам у 1553 годзе. Сам славуты доктар Францыск Скарына вучыўся ў Полацку на лацінскай мове, што дазволіла яму адразу працягнуць сваю адукацыю і здабыць ступень бакалаўра ў сталіцы Рэчы Паспалітай — Кракаве, і далей — магістра ў дацкім універсітэце ў Копенгагене, а таксама ступень доктара навук у італьянскім Падуа.
Першыя прыклады лацінізацыі русінскай мовы, якія стварылі падмурак беларускай лацінкі — гэта Моладаўскі Звон 1573 года, Хроніка Быхаўца 1574 і выданне Статута ВКЛ 1595. Больш за 85% кніг у ВКЛ былі выдадзены лацінскай абэцэдай. Фактычна аж да падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 лацінская абэцэда абсалютна дамінавала на тэрыторыі Беларусі.
Таму не дзіва, што літаратурная беларуская мова натуральна паўстала, пісалася і выдавалася менавіта лацінскай графікай у 1800-х, а насаджэнне кірыліцы адбылося пад уплывам маскоўскай акупацыі і стала масавым толькі са з'яўленнем камуністаў. У адрозненні ад лацінкі, стандартная кірыліца і дагэтуль не перадае розніцу паміж асобнымі беларускімі гукамі G і H, якія абодва пішуцца адной і той жа літарай Г.
З вызваленнем Беларусі ад засілля маскоўшчыны, адраджэнне выкарыстання лацінскай абэцэды напэўна эфектыўна падкрэсліць вольную еўрапейскую ідэнтычнасць Беларусі і яе багатую заходне-эўрапейскую спадчыну.
Лацінская абэцэда з'яўляецца самай распаўсюджанай у свеце, яе застасаванне значна палегчыць беларусам доступ да міжнародных рэсурсаў, тэхналогій, адукацыі, турызму і бізнес-камунікацый.
Напрыклад адрасы імэйл і пашпарты не падтрымліваюць літары з кресачкамі, кірыліцу, арабіцу ці іерогліфы не таму што гэта тэхнічна немагчыма, а таму што без адзінага, сусветнага, усім зразумелага простага стандарту, камунікацыя паміж рознымі культурамі будзе літаральна адкінута назад да ўзроўня жэстаў каменнага веку.
Вось напрыклад захоча хтосці Вам напісаць электронны ліст з Перу, Японіі, Эгіпта ці Францыі, а ў вашым адрасе раптам літара Ŭ — і ўсё тут, ліст не дойдзе, таму што ну неведаюць яны такой літары, дык і няма ў іх на клавіятуры такой кнопкі.
Здаецца, што недасканалую сыстэму транслітерацыі беларускіх імёнаў у пашпартнай сыстэме незалежнай Беларусі не хаяў толькі лянівы, а яна тым часам усё адно дазваляе практычна беспамылкова пазнаць сваіх родных беларусаў за мяжой выключна праз спецыфічные спалучэнні простых лацінскіх літар.
Калі глядзець шырэй, то пераход на лацінку паспрыяе прыняццю Беларусі ў кола самых цывілізаваных краін свету. Само візуальнае ўспрыняцце краіны ў міжнародным асяроддзі адназначна палепшыцца, таму што большаць краін свету ўжо і так піша і чытае лацінскімі літарамі.
Павяртанне да лацінкі таксама значна палегчыць беларусам чытанне замежных тэкстаў і надпісаў, а замежнікам — чытанне па-беларуску.
Адным з аргументаў застасавання лацінкі з'яўляецца імкненне падкрэсліць унікальнасць беларускай мовы і візуальна адрозніць яе ад маскоўска-расейскай мовы, якая была насаджана гвалтам і зрабілася інструментам этнацыду многіх народаў, якія былі акупаваныя маскоўскай імперыяй.
Аб'ектыўны факт: кірыліцай карыстаецца ўсяго-та меньш за 3% людзей на Зямлі і доля яе застасавання ў свеце няспынна паменшаецца. На лацінскі альфабэт паспяхова перайшлі харвацкая, румынская, малдаўская, азербайджанская і туркменская мовы, а казахская і узбекская знаходзяцца ў стане пераходу з кірыліцы.
Вяртанне да лацінскага альфабэту напэўна дапаможа ўзмацніць самасвядомасць і адбудаваць моўную ідэнтычнасць на шляху дэкаланізацыі і дэкамунізацыі Беларусі. Візуальная дыферэнцыяцыя беларускай мовы ад украінскай, булгарскай ці монгольскай моваў таксама спрацуе на карысць Беларусі. Лацінская абэцэда можа таксама стаць натуральным бар'ерам для распаўсюду маскоўскай пропаганды, якая зараз прасочваецца ў Беларусь нават без перакладу.
Для маладога пакалення беларусаў, якое актыўна ўжывае хэштэгі, слухае заходнюю музыку і карыстаецца глабальнай ангельскай мовай у інтэрнэце, гульнях і сацыяльных сетках, лацінская абэцэда можа быць больш натуральнай і прывабнай.
Лацінізацыя беларускай мовы адназначна паспрыяе большай яе папулярызацыі ў сацсетках і сучасных дыгітальных медыяпрасторах.
Вывучэнне замежных моваў будзе істотна лягчэйшай для беларускіх вучняў, а іншастранцам будзе лягчэй вучыць і ўспрыймаць беларускую мову, таму што большасць моваў свету ўжо выкарыстоўвае лацінскі альфабэт. Практычна ва ўсіх галінах навукі для беларускіх студентаў знікне бар'ер на шляху вывучення навукова-тэхнічнай тэрміналогіі, якую можна будзе адаптаваць у беларускую мову наўпрост з ангельскай з мінімальнымі зменамі.
Разам з пераходам на лацінскую абэцэду можна было б правесці і рэформу правапісу, накіраваную на яго спрашчэнне, мадэрнізацыю і ўдасканальванне, што яшчэ больш палегчыць вывучэнне, застасаванне і распаўсюд беларускай мовы.
Паскольку, ні лацініца ні кірыліца не былі створаны спецыяльна для беларускай мовы, існуе два падыходы для пазначэння гукаў, якіх няма ў запазычаным альфабэце: альбо стварэнне новых літар, альбо ужыванне дзвух і болей літар на адзін гук. На дадзены момант і беларуская лацінка і кірыліца з'яўляюцца нелагічнай мяшанкай гэтых двух метадаў: спецыяльная літара Ŭ суседнічае з діграфам CH, а літара Ў ужываецца побач з ДЗ. А ці не варта была бы прытрымлівацца нейкага адзінага сыстэмнага падыходу?
Архаічная лацінка па граматыцы Тарашкевіча 1918 года маральна састарэла не толькі таму что яна не ўлічвае рэалій новага тысячагоддзя, але яна ва многім празмерна складаная і нелагічная. Напрыклад, цвёрдыя зычныя гукі S, C, Z, DZ, N маюць свае мяккія адпаведнікі пазначаныя крэскамі: Ś, Ć, Ź, DŹ, Ń, а мяккі гук L чамусці наадварот такой крэскі не мае, затое цверды яго адпаведнік пазначаецца з нейкай халеры літарай Ł з крэскай (дарэчы гэтая літара азначае у польскай мове гук, які гучыць больш як Ў чым Л, што заблытвае яшчэ больш).
Насамрэч і апостраф і мяккі знак можна цалкам замяніць на лацінскую літару J без негатыўных наступстваў (такое рашэнне паспяхова застасована ў балканска-славянскіх мовах). Такім чынам, нават тыя, хто мае звычку дадатковага пазначэння мяккасці, цяпер маюць магчымасць пісаць лацінкай без крэсачак.
Спалучэннем простых літар можна паўнавартасна замяніць спецыяльныя літары і нязручныя дыякрытычныя знакі (так званыя «гачыкі»: šśčćžźńŭł). Ёсць нямала прыкладаў калі беларусы ўжо самі застасоўваюць Ж=ZH, Ш=SH, Ч=CH, X=Х ці Ў=W. Напрыклад целае пакаленне беларусаў на працягу 1992—2010 пісалі адзін аднаму на кнопачных тэлефонах сотні мільёнаў паведамленняў SMS лацінскімі літарамі без «гачыкаў».
У адрозненні ад трансліта, прынцыпы якога аднолькавыя для многіх моваў, рэфармаваная лацінка ўсё адно будзе адмысловай сітэмай пісьма, заснаванай на лацінскай традыцыі менавіта беларускай мовы: JE, JO, JU, JA замест YE, YO, YU, YA. А формула Ў=W напрыклад дазваляе, каб беларускае вымаўленне такіх імёнаў "Леў Сапега" ці "Каліноўскі" цалкам супадалі з іх гістарычным напісаннем: Lew Sapieha, Kalinowski. А з іншага боку адыход ад архаічных Ш=SZ і Ч=CZ дазваляе не блытаць пісьмовую беларускую мову з польскай.
Адначасова адсутнасць гачыкаў можа візуальна вылучыць беларускую мову таксама на фоне іншых заходне-славянскіх і балтцкіх моваў. Мінімалізм і візуальная лаканічнасць пісьма можа стаць істотнай часткай унікальнай ідэнтычнасці Беларусі.
Практычна ўсе сучасныя лічбавыя тэхналогіі, праграмнае забеспячэнне і вэб-сэрвісы першапачаткова распрацоўваюцца на лацінскай графіцы. Пераход беларускай мовы на лацінку паскорыць і спрасціць набор тэкстаў, пошук інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама паменшыць колькасць непрыгожых абдруковак, балючых памылак, праблем са шрыфтамі, кадаваннем і сумяшчальнасцю. Нават неабходнасць у пераключэнні паміж раскладкамі клавіятуры можа пазастацца ў мінулым, калі знайсці дзейсны спосаб пазбягаць крэсак, гачыкаў, апострафаў.
Карацейшы альфабэт аб'ектыўна з'яўляецца больш эфектыўным спосабам перадачы інфармацыі, што памяншае колькасць памылак. Недарма ангельская мова з 26 літарамі стала сапраўды галоўнай міжнароднай мовай для ўсяго прагматычнага свету. Уся генэтычная інфармацыя жывой прыроды запісана ўсяго чатырма літарамі ДНК. А ўсе камп'ютары захоўваюць і апрацоўваць інфармацыю выключна дзвума "літарамі": 1 і 0. Фактычна дзвухлітарнай азбукай Морзе чалавек можна ўручную беспамылкова перадаваць тэкст амаль з размоўнай хуткасцю. З іншага боку, напрыклад камбаджыйская мова з альфабэтам даўжынёй у 74 літары вельмі цяжкая, а самымі складанымі для вывучэння і штодзённага карыстання з'яўляюцца мовы з іерагліфічнай пісьмовасцю ў якіх на кожнае слова — свая "літара".
Калі перадаваць асаблівыя гукі беларускай мовы не спецыяльнымі знакамі, а спалучэннем простых лацінскіх літар, то беларускую абэцэду можна эфектыўна скараціць з 32 да 25 літар! Пры гэтым дзве літары на адзін гук — гэта ж не дзіва і для кірыліцы: гукі ДЖ і ДЗ нараканняў ні ў каго не выклікаюць, хаця гісторыя ведае спробы зрабіць і для ніх асобныя літары. А калі раптам такія двузнакі усё яшчэ кагосці пужаюць, то дастаткова ўспомніць нямецкае Ч якое пішыцца як "tsch", ангельскае У як "ough", ці французскае О як "eaux", кожны з якіх мае аж па чатыры літары на адзін гук. А як тыя цывілізаваныя людзі не скардзяцца на такую высокую колькасць літар на адзін гук, то можа і беларусы могуць неяк палюбіць пісаць некаторыя гукі усяго-та праз дзве літары?
Пераход на адзіную лацінскую сістэму пісьма для беларускай мовы дапаможа вырашыць праблемы з непаслядоўнай транслітарацыяй беларускіх брэндаў, геаграфічных назваў і імёнаў у міжнародных дакументах і кантэксце што адназначна будзе добра для бізнесу. Без гачыкаў, назвы беларускіх гандлёвых марак будуць адназначна супадаць з іх інтэрнэт-адрасамі і нікамі ў сацыяльных медыя, што дапаможа павялічыць беларускі экспарт у багатыя заходнія краіны, і напэўна пазітыўна адаб'ецца на эканоміцы.
Павысіцца хуткасць набору тэкстаў. Аб'ектыўна павысіцца і чытальнась тэксту і надпісаў, паменшыцца колькасць памылак, у тым ліку такіх дарагіх памылак як дарожныя аварыі. Выдаткі на замену фізічных шыльдаў акупяцца ў кароткім абсяжным часе.
Дызайнерам аўтаматычна стануць даступныя абсалютна ўсе без выключэнняў лацінскія шрыфты свету для стварэння сапраўды якаснага дызайну на беларускай мове. Такім чынам не патрэбна будзе выдаткоўваць дадатковыя сродкі на лакалізаваныя шрыфты, клавіятуры, тэрміналы і складанае праграмнае забеспячэнне для якаснай і хуткай беларусізацыі Беларусі. Пісаць па-беларуску на абсалютна любым кампьютары, планшэце сі тэлефоне можна зусім бесплатна ужо зараз, зусім без анікакай настройкі.
Пры ўсім гэтым варта памятаць, што любыя змены правапісу не павінны мяняць вымаўленне нашай прыгожай і старажытнай мовы. Беларуская мова, запісаная кірыліцай, і беларуская мова, запісаная лацінкай з гачыкамі, ці без гачыкаў — усе яны павінны гучаць і ўспрымацца на слых абсалютна аднолькава.
Nu tady niama chaho chakacj, lacinka — heta abeceda buduchyni, jakoj mozhna karystacca wzho zaraz.